ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.М.Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.М.Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.М.Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.М.Захараў (в.а. сак. — вер. 1921), А.І.Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.І.Корк (в.а. сак.—крас. 1924), АІ.Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).
Л.А.Селіванаў.
т. 7, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)